Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/167

Гэта старонка была вычытаная

— Не!

— Куды-ж вы едзеце?

— У Доль.

— У такім разе вяртайцеся лепш у Аўранш, ці заставайцеся тут.

— Чаму?

— Таму што ў Долі б'юцца.

— Вось як! — спакойна сказаў падарожнік і дадаў: — Дайце майму каню аўса.

Гаспадар прынёс карыта, насыпаў у яго аўса і разнуздаў каня; чмыхаючы, конь пачаў есці.

Гутарка пачалася зноў.

— Скажыце, грамадзянін, гэты конь у вас з рэквізаваных?

— Не.

— Значыцца, ваш?

— Так, я купіў яго за наяўныя грошы.

—А адкуль вы едзеце?

— З Парыжа.

— Прама ехалі?

— Не.

— Вось і яно! Усе дарогі перахопленыя. Але пошта яшчэ ходзіць.

— Так, да Алансона. Ад Алансона прышлося ехаць верхам.

— Ох, хутка ў Францыі не застанецца ніводнай паштовай станцыі. Коней зусім няма. За каня, які каштаваў трыста франкаў, бяруць па шэсцьсот, а да аўса і падступіцца нельга. Я сам трымаў паштовых коней, а цяпер зрабіўся карчмаром. З тысячы трохсот трынаццаці гаспадароў паштовых станцый дзвесце чалавек падалі ў адстаўку. Значыцца, вы купілі каня ў Алансоне?

— Але.