Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/169

Гэта старонка была вычытаная

меннік — сінімі. О, гэтыя два не дадуць спуску адзін аднаму! Гэта барацьба не на жыццё, а на смерць.

— Барацьба на смерць?

— Так, грамадзянін. Ды вось гляньце, якімі ласкавасцямі яны частуюць адзін аднаго. Бачыце вы гэтую абвестку? Такія афішы стары маркіз ухітраецца расклейваць усюды: на ўсіх дамах, на дрэвах і нават на маіх дзвярах.

Карчмар паднёс свой ліхтар да аркуша паперы, наклеенай на дзвярах. Афіша была надрукаваная такімі буйнымі літарамі, што коннік мог прачытаць яе, не злазячы з каня:

«Маркіз дэ-Лантэнак мае гонар папярэдзіць свайго пляменніка, віконта Говэна, што калі яму, маркізу, пашчасціць авалодаць асобай віконта, ён, не задумваючыся, загадае яго расстраляць».

— А вось і адказ, — дадаў карчмар.

Ён павярнуўся і асвятліў ліхтаром другую афішу, прыклееную да другой паловы дзвярэй. Падарожнік прачытаў:

«Говэн папярэджвае Лантэнака, што калі ён, Лантэнак, будзе захоплены, то яго расстраляюць».

Карчмар казаў далей:

— Учора на гэтыя дзверы наклеілі першую паперку, а сёння раніцою другую. Адказ, як бачыце, нядоўга прышлося чакаць.

Незнаёмы паціху, нібы гаворачы сам з сабой, прамовіў некалькі слоў, якіх гаспадар карчмы не зразумеў, хоць і пачуў іх.

— Так, гэта болей, як грамадзянская вайна: гэта вайна сямейная. Няхай так; гэта добра. Вялікае аднаўленне народаў не купляецца танна.

І, не зводзячы вачэй з гэтай аб'явы, незнаёмы падняў руку да капелюша і аддаў ёй чэсць.