Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

— Іду з дзецьмі.

— Куды?

— Куды вочы глядзяць.

— Дзе ты начуеш?

— На зямлі.

— Чым жывішся?

— Нічым.

Сержант падняў да носа вялізныя вусы — звычайная міміка салдат у складаным становішчы. Потым пераспытаў:

— Нічым?

— Ягады ямо, цёрн, леташнюю ажыну, чарніцы, парасткі папараці.

— Так, гэта ўсёроўна, што нічога.

Старэйшы хлопчык, відаць, зразумеў.

— Я хачу есці, — сказаў ён.

Сержант выцягнуў з кішэні скібу салдацкага хлеба і падаў матцы. Яна разламала хлеб папалам і аддала двум дзецям. Абодва прагна накінуліся на хлеб.

— А сабе не пакінула, — прабурчэў сержант.

Дзеці заенчылі:

— Піць хачу!.. Піць!

— І раўчака нідзе не знойдзеш у гэтым чортавым лесе, — прабурчэў сержант.

Маркітантка зняла з пояса медную чарку, адкруціла кран манеркі, што вісела ў яе на перавязі праз плячо, наліла ў чарку некалькі капель і паднесла яе дзецям.

Старэйшы выпіў крыху і скрывіўся. Малодшы глытнуў і выплюнуў.

— Хіба нясмачна? — сказала маркітантка.

— Што гэта? Гарэлка? — спытаўся сержант.

— Так, самая лепшая. Ды што яны разумеюць! Яны — мужыкі.