Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/170

Гэта старонка была вычытаная

Качмар тым часам казаў:

— Уся справа вось у чым, грамадзянін. Мы, жыхары гарадоў і вялікіх сёлаў, стаім за рэволюцыю, а сяляне ваююць супроць яе, або, лепш сказаць: мы, гаражане, — французы, а яны — брэтонцы. Гэта вайна мужыкоў з гаражанамі. Яны нас называюць «тоўстапузымі», а мы іх — мужыкамі. Дваране і ксяндзы за іх.

— Не ўсе, — перапыніў незнаёмы.

— Вядома, не ўсе, грамадзянін; узяць хоць-бы віконта, які выступае супроць маркіза.

І ён дадаў сам сабе:

— І паколькі мне здаецца, што я размаўляю цяпер з ксяндзом.

Незнаёмы спытаўся:

— А хто з іх перамагае?

— Пакуль віконт. Але гэта нялёгка яму даецца. Стары — гэта крэмень. Абодва яны з роду Говэнаў, з тутэйшых дваран. Іх род падзяліўся на дзве галіны. На чале старэйшай галіны стаіць маркіз дэ-Лантэнак, малодшай — віконт Говэн. І вось цяпер гэтыя дзе галіны б'юцца паміж сабой. У дрэў гэтага не бывае, а ў людзей здараецца. Гэты маркіз дэ-Лантэнак вялікая сіла ў Брэтані: у вачах сялян ён — уладарны князь. Не паспеў ён высадзіцца, як да яго далучылася восем тысяч чалавек. Праз тыдзень падняліся трыста парафій. Каб толькі ён мог захапіць хоць шматок пабярэжжа, англічане ўжо былі-б тут. На шчасце, падышоў Говэн, родны пляменнік яго. Ці не дзіўна? Ён камандуе рэспубліканскім атрадам; яму ўдалося спыніць дзядзьку. Апрача таго, таксама на наша шчасце, здарылася, што гэты самы Лантэнак, забіўшы шмат палонных, у ліку іх загадаў расстраляць двух жанчын. У адной з іх, удавы, было трое