Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/172

Гэта старонка была вычытаная

і англічанам лёгка будзе высадзіцца. Тады ўсё прапала. Але Говэн — чалавек з галавой. Ён зараз-жа, не трацячы ні мінуты, ні з кім не раячыся, ні пытаючы і не чакаючы ніякіх інструкцый, падняў трывогу, сабраў свой атрад, загадаў сядлаць коней і запрагаць гарматы, ускочыў на каня і рынуўся насустрач Лантэнаку. У Доле гэтыя дзве брэтонскія галавы стукнуцца ілбамі. Гэта будзе сур'ёзная сутычка! Цяпер абодва ўжо там.

— А за колькі часу можна даехаць да Доля?

— Атрад з абозам ідзе не меней трох гадзін. Ну, ды нашы ўжо дайшлі.

Незнаёмы маўчаў, да чагосьці прыслухоўваючыся, потым сказаў:

— Сапраўды, я, здаецца, чую артылерыйскую страляніну.

Карчмар таксама прыслухаўся.

— Так, грамадзянін, гэта лупяць з гармат і з стрэльбаў: чуеце, як трашчыць?.. Сапраўды, аставайцеся начаваць. Там вы не знойдзеце нічога добрага.

— Мне нельга марудзіць. Я павінен ехаць.

— Дарма. Я не ведаю вашых спраў, але ехаць у той бок — вялікая рызыка, і калі толькі справа не тычыцца чаго-небудзь такога, што для вас даражэй за ўсё на свеце…

— Справа ідзе акурат аб гэтым, — сказаў коннік.

— Калі гэта тычыцца вашага сына…

— Амаль што так! — сказаў незнаёмы.

Карчмар паглядзеў на яго і прамармытаў:

«Дзіўна, мне ўсё-такі здаецца, што гэты грамадзявін ксёндз». Затым, падумаўшы, дадаў: «Але-ж і ў ксяндзоў бываюць дзеці».

— Зануздайце майго каня, — сказаў яму незнаёмы. — Колькі я вам вінен за авёс?