Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/173

Гэта старонка была вычытаная

І ён расплаціўся.

Карчмар убраў карыта і вядро і зноў падышоў да яго.

— Калі вы парашылі ўжо абавязкова ехаць, паслухайце маёй парады. Вы, відаць, едзеце ў Сен-Мало. Ну, дык не едзьце на Доль. У Сен-Мало ёсць дзве дарогі — на Доль і берагам мора. Другая зусім не даўжэй. Калі вы даедзеце да канца гэтай дарогі, вы ўбачыце скрыжаванне; дарога там раздвойваецца: левая пойдзе на Доль, а правая — на Сен-Жорж-дэ- Брээнь. Калі вы паедзеце на Доль, то трапіце ў самае пекла. Не забудзьцеся-ж, бярыце направа, а не налева.

— Дзякую вам, — сказаў незнаёмы і прышпорыў каня.

Было ўжо цёмна; ён знік у цемры.

Калі ён даехаў да таго месца, дзе было скрыжаванне, да яго данёсся здалёк голас карчмара:

— Бярыце направа!

Ён павярнуў налева.

ДОЛЬ

Доль, «іспанскі горад Францыі ў Брэтані», — як значыцца ў старадаўніх граматах, — прадстаўляў сабой не горад, а вуліцу — вялікую старадаўнюю гатычную вуліцу. Усе дамы на ёй з калонамі і ідуць не ў адну лінію, а ў беспарадку: адны выступаюць наперад, другія адсоўваюцца ў глыбіню, ствараючы па ўсёй вуліцы выступы і павароты. Прыблізна на сярэдзіне вуліцы змяшчаўся стары рынак.

Гаспадар гасцініцы «Галіністы крыж» сказаў праўду: у той момант, калі ён гутарыў з незнаёмцам, у Доле ішла зацятая бойка. Між белымі, якія занялі горад раніцою, і сінімі, якія награнулі ўначы, адразу пачалася лютая барацьба. Сілы былі няроўныя: белых было