Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/175

Гэта старонка была вычытаная

было, гучэў уладарна і гучна ў час каманды. Ён быў прыкладам для салдат і спаў на зямлі, у вецер, дождж, снег, загарнуўшыся ў свой плашч і палажыўшы на камень сваю прыгожую галаву. Гэта была геройская і чыстая душа. Ідучы ў атаку, ён змяняўся. У ім было нешта жаночае; у час бойкі ён рабіўся страшным.

Яго атрад прадстаўляў сабою цэлую маленькую армію. Ён складаўся з пяхоты і кавалерыі; пры ім былі і разведчыкі, і піонеры, і сапёры, і пантонеры, і гарматы. Тры конныя гарматы надавалі атраду сілу, не перашкаджаючы ў той-жа час яго перасоўванням.

Лантэнак быў таксама добрым камандуючым; магчыма, нават лепшым за свайго пляменніка. Ён быў адначасова і больш асцярожны і смялейшы за яго. У старых воінаў больш вытрыманасці, як у маладых, таму яны далей ад світання жыцця, і больш смеласці, таму што яны бліжэй да магілы.

Што яны трацяць? Амаль нічога. Гэтым і тлумачыцца смелая да дзёрзкасці і разам з тым абдуманая тактыка Лантэнака. Але наогул і амаль заўсёды ў гэтай упартай барацьбе старога з маладым Говэн меў перамогу.

Лантэнак узненавідзеў Говэна, па-першае, за тое, што той перамагаў яго у бойках, па-другое, за тое, што ён быў яго сваяк. І чаго гэта прышло ў галаву маладому малакасосу зрабіцца якабінцам? Якабінец — гэты хлопчык, шчанё, яго ўнучатны пляменнік, амаль што ўнук, — яго наследнік, бо ў маркіза не было дзяцей. «Хай толькі трапіць ён мне ў рукі, я заб'ю яго, як сабаку», казаў сабе гэты дзядзька, або вярней, дзед.

Рэспубліка мела ўсе падставы непакоіцца праз гэтага Лантэнака. Толькі паспеў ён высадзіцца на французскі бераг, як перад ім ужо ўсё дрыжала. Яго імя, як выбух пораху, абабегла Вандэю і адразу зрабілася цэн-