Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/177

Гэта старонка была вычытаная

ладзіць высадку англічан. Ён увесь быў ахоплены адной задачай: захапіць частку ўзбярэжжа і аддаць яе ў распараджэнне Піта. Вось чаму, даведаўшыся, што Доль не абаронены, ён кінуўся на Доль, спадзяючыся, што, узяўшы яго, ён возьме і пануючую над ім вышыні Мон-Доль, а валодаючы Мон-Долем, захопіць бліжэйшае ўзбярэжжа.

Месца было выбрана добра.

Каб выканаць гэты рашучы манеўр, Лантэнак узяў з сабой шэсць з лішкам тысяч чалавек — усё, што было самага лепшага ў сялянскіх дружынах, якія былі ў яго, — і ўсю сваю артылерыю. Ён хацеў паставіць на Мон-Доле як мага больш гармат, мяркуючы, што тысяча стрэлаў з дзесяці гармат больш эфектыўна, як паўтары тысячы з пяці.

Поспех здаваўся пэўным. У яго было шэсць тысяч. З боку Аўранша можна было чакаць толькі Говэна, у якога было паўтары тысячы салдат, і з боку Дынана-Лешэля, у якога было дваццаць пяць тысяч салдат, але затое, ён быў за дваццаць лье.

Лантэнак быў упэўнены ў поспеху. Ён заняў Доль без бою. За ім была слава чалавека суровага, не ведаючага літасці. Горад нават не спрабаваў супраціўляцца. Перапалоханыя жыхары пахаваліся ў дамах. Шэсць тысяч вандэйцаў размясціліся ў горадзе з сялянскай неразборлівасцю, як на кірмашы, абыходзячыся без фуражыраў і без адведзеных для пастою памяшканняў; гатавалі страву пад адкрытым небам, сядзелі і ляжалі абы дзе, хадзілі па цэрквах, змяняючы стрэльбы на пацеркі. Лантэнак разам з некалькімі артылерыйскімі афіцэрамі зараз-жа адправіўся аглядаць вышыню Мон-Доль, перадаўшы камандаванне свайму бліжэйшаму памочніку Гуж-ле-Бруану.

Гэты Гуж-ле-Бруан меў два прозвішчы: «Страх сініх» — за яго лютыя расправы з патрыётамі і «Іма-