Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/178

Гэта старонка была вычытаная

нус» — за тое, што ў яго абліччы было нешта надзвычай агіднае і жудаснае. Іманус — азначае звышчалавечую брыдкую істоту. У наш час старыкі Брэтані ўжо не ведаюць, хто такі быў Гуж-ле-Бруан, але ў двух вёсках, дзе Гуж-ле-Бруан пакінуў пасля сябе крывавыя сляды, і цяпер яшчэ гавораць пра Імануса. У Вандэі ўсе мяцежнікі былі дзікуны; Гуж-ле-Бруан быў варвар. На яго твары адбівалася яго агідная душа. Ён быў бязмежна храбры ў бойцы, а пасля бойкі жудасны. Ён быў здольны на самую шчырую адданасць і на самую страшную лютасць. Ён пачынаў з геройства, каб прыйсці да забойства. Ад яго можна было чакаць самых жудасных злачынстваў.

Адсюль яго паганае прозвішча — Іманус.

Маркіз-дэ-Лантэнак спадзяваўся на яго лютасць. І сапраўды, Іманус быў майстрам лютасці. Затое ў тактыцы і стратэгіі ён быў слабаваты. Можа маркіз зрабіў памылку, назначыўшы яго сваім намеснікам. Як-бы там ні было, ідучы на рэкагнасцыроўку, Лантэнак перадаў яму камандаванне. Гуж-ле-Бруан, больш баец, як камандзір, мог хутчэй, не міргнуўшы вокам, выразаць цэлае племя, чым абараніць горад.

Позна ўвечары Лантэнак, агледзеўшы месца для будучай батарэі, вяртаўся ў Доль. Раптам ён пачуў гарматны стрэл. Ён аглядзеўся навакол. Над вялікай вуліцай Доля слаўся чырвоны слуп дыму. Было ясна: белых захапілі знянацку; у горад уварваўся вораг; на чялікай вуліцы біліся.


Маркіз быў ашаломлены: нічога падобнага ён не чакаў. Хто-б гэта мог быць? Толькі не Говэн: трэба было быць вар'ятам, каб атакаваць у чатыры разы сільнейшага ворага. Не, не! З'яўленне Говэна немагчымае.