Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/179

Гэта старонка была вычытаная

Лантэнак прышпорыў каня. Па дарозе яму траплялася шмат уцякаючых жыхароў. Ён спрабаваў быў распытаць іх, але яны толькі крычалі з жахам: «Сінія! Сінія!» і беглі далей. Калі ён, нарэшце, прыехаў у горад, становішча вандэйцаў было зусім дрэннае.

Вось што адбылося.

МАЛЕНЬКІЯ АРМІІ І ВЯЛІКІЯ БАІ

Вандэйскі атрад, увайшоўшы ў Доль, рассыпаўся па гораду, хто куды. Схаваўшы свае гарматы і зарадныя скрынкі пад павець старога рынка, стомленыя сяляне пачалі есці, піць і перабіраць свае пацеркі; потым паляглі ўпокат па ўсёй шырыні вуліцы, не думаючы нічога вартаваць. Большасць, палажыўшы пад галовы свае клункі, паснула, некаторыя нават побач з жонкамі: вандэйскія сялянкі часта суправаджалі мужоў у іх паходах.

Была цёплая, ясная ліпеньская ноч. У глыбокім сінім небе ззялі зоркі. Увесь гэты бівуак, які нагадваў больш прывал каравана, як ваенны лагер, мірна задрамаў. Раптам тыя, хто не паспеў яшчэ заснуць, убачылі, што з аднаго канца вуліцы прама на іх глядзяць тры гарматныя жэралы.

Гэта быў Говэн. Нячутна падышоўшы да горада, ён зняў вартавых і заняў са сваім атрадам адзін канец вялікай вуліцы.

Нейкі селянін ускочыў, крыкнуў: «Хто ідзе?» і стрэліў са стрэльбы. Яму адказаў гарматны стрэл. Затым пачалася шалёная пальба са стрэльбаў. Уся паснуўшая ватага ўсхапілася на ногі, як ашпараная. Прабуджэнне не надта прыемнае: заснуць пад зоркамі і прачнуцца пад карцеччу.

Першыя хвіліны былі жудасныя. Няма відовішча больш трагічнага, як перапалоханы, ашалелы натоўп.