Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/18

Гэта старонка была вычытаная

І яна выцерла чарку.

Сержант працягваў свой допыт:

— Значыцца, ты ратуешся ўцяканнем?

— Што будзеш рабіць! Бягу, пакуль ногі нясуць, потым валакуся шагам. Потым валюся.

— Небарака! — уздыхнула маркітантка.

— Навакол б'юцца, — казала жанчына. — Куды ні глянь — стрэльбы ды гарматы. Чаго ім усім трэба, я не разумею! У мяне забілі мужа. Толькі гэта я і зразумела.

Сержант стукнуў аб зямлю прыкладам стрэльбы.

— Праклятая вайна! Чорт вазьмі!

Жанчына казала далей:

— Мінулую ноч мы спалі ў дупле.

— Усе чацвёра?

— Усе чацвёра.

— І спалі?

— Спалі.

Сержант павярнуўся да салдата.

— Таварышы, чуеце? Прасядзець усю ноч у дупле старога, засохлага дрэва, ды яшчэ ўхітрыцца спаць пры гэтым, скурчыўшыся, як у футляры! Але што з іх возьмеш? Яны — дзікуны. Нельга патрабаваць ад іх, каб яны былі парыжанамі.

— Начаваць у дупле! — падхапіла маркітантка. — З трыма дзецьмі!

— Уяўляю сабе, — дадаў сержант, — як дзівіліся тыя, каму здарылася праходзіць у тую ноч каля гэтага дрэва. Знадворку нічога не відаць, і раптам дрэва крычыць дзіцячым голасам: «Тата! Мама!..»

— На шчасце, цяпер лета, — уздыхнула жанчына.

Пакорная лёсу, яна апусціла вочы, у якіх застыла недаўменне перад бядой, што прыціснула яе.