Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/180

Гэта старонка была вычытаная

Усе кінуліся да зброі; хто крычаў, хто кідаўся бегчы, многія падалі. Неспадзявана засцігнутыя сяляне, самі не ведаючы, што робяць, стралялі ў сваіх. З дамоў выбягалі, аглушаныя пальбой, ашалелыя людзі. Яны беглі назад, зноў выбягалі і без сэнсу таўкліся ў агульнай кашы, толькі больш павялічваючы гармідар. Мужы шукалі, гукалі па імёнах сваіх згубленых жонак і дзяцей; дзеці, плачучы, шукалі бацькоў. Усё перамяшалася ў гэтай начной бойцы. Кулі са свістам праразалі цемру ночы. З усіх цёмных кутоў грымелі стрэлы. У дыме і агульным гаме нічога нельга было разабраць. Парасстаўленыя абыяк па ўсёй вуліцы фургоны і вазы яшчэ больш павялічвалі мітусню. Перапалоханыя коні іржалі, брыкаліся, станавіліся на дыбкі. І коні і людзі тапталі раненых, з зямлі падымаліся енкі, лямант. Адны кідаліся ад жаху, другія стаялі скамянелыя. Салдаты шукалі афіцэраў, афіцэры — садатаў. Нейкая жанчына, седзячы на зямлі, карміла груддзю сваё дзіця, а побач, прыхінуўшыся спіною да сцяны, сядзеў яе муж з перабітай нагой; у яго струменем цякла кроў, а ён спакойна зараджаў свой карабін і страляў наўздагад у цемру. Некалькі чалавек, лежачы на жываце, стралялі з-пад павозак. Часамі ўздымалася хваля чалавечых галасоў, затым усё пакрывалася гучным гарматным гулам. Карціна была жахлівая.

Здавалася, сякуць лес: людзі, як дрэвы, валілі адзін на аднаго.

Атрад Говэна, стоячы пад прыкрыццем, страляў упэўнена і не цярпеў амаль ніякіх страт.

Аднак патрохі сялянскі атрад апамятаўся і арганізаваў абарону. Ён сабраўся на рынку, вакол каменнага будынка, абкружанага цэлым лесам высокіх калон. Адчуваючы сябе пад прыкрыццем, людзі падбадзёрыліся: усё, што нагадвала лес, давала ім упэўне-