Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/183

Гэта старонка была вычытаная

Аддаўшы гэты загад, маркіз пайшоў на батарэю.

З прыходам начальніка ўсё змянілася. Барыкада не была прыстасавана да ўстаноўкі артылерыі: там было месца для двух гармат. Маркіз паставіў дзве шаснаццаціфунтовых гарматы, для якіх наспех зрабілі амбразуры. Нахіліўшыся да амбразуры над адной з гармат і наглядаючы за варожай батарэяй, ён раптам убачыў Говэна.

— Гэта ён! — вырвалася ў яго.

Ён сам узяў баннік, зарадзіў гармату, нацэліў і стрэльнуў. Тры разы цэліў ён у Говэна і ўсе тры разы прамахнуўся. Трэцім стрэлам яму ўдалося толькі сарваць з яго капялюш.

— Прыкра! — прамармытаў ён. — Трохі ніжэй, і я знёс-бы яму галаву.

Раптам факел згас, і батарэя праціўніка схавалася ў цемры.

— Ну, добра, — сказаў Лантэнак і, абярнуўшыся да сваіх кананіраў, скамандаваў: — Карцеч!

Говэн у сваю чаргу быў вельмі заклапочаны. Становішча яго атрада пагаршалася. Бойка ўступала ў новую фазу. З барыкады пачалі страляць з гармат. Ці можна было паручыцца, што яе абаронцы не пяройдуць ад абароны да наступлення? Супроць яго, без раненых, забітых і ўцёкшых, было не менш пяці тысяч байцоў, а ў яго аставалася не больш тысячы двухсот. Што станецца з яго рэспубліканцамі, калі вораг заўважыць, што атрад яго такі малы? Прыдзецца тады памяняцца ролямі. Цяпер яны нападаюць, а тады павінны будуць абараняцца. Калі толькі мяцежнікі зробяць вылазку, усё прапала.

Што рабіць? Не было чаго і думаць атакаваць барыкаду з фронта: прыступ быў немагчымым; тысяча дзвесце чалавек не могуць выбіць з умацаванага месца