Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/184

Гэта старонка была вычытаная

пяць тысяч. Немагчыма было ісці напралом, а затрымка лёгка магла зрабіцца гібельнай. Так або іначай трэба было канчаць. Але як?..

Говэн нарадзіўся ў гэтых месцах. Ён ведаў размяшчэнне горада і ведаў, што рынак, дзе заселі вандэйцы, заднім фасадам прылягаў да лабірынта вузкіх, звілістых завулкаў.

Ён павярнуўся да свайго ад'ютанта, храбрага капітана Гешана.

— Гешан, перадаю вам камандаванне, — сказаў яму Говэн. — Падтрымлівайце самы сільны агонь. Пастарайцеся прабіць іхнюю барыкаду. Галоўнае — адцягвайце ўвагу ворага.

— Разумею, — адказаў Гешан.

— Пастройце ўсіх салдат у калону. Няхай усе зарадзяць стрэльбы і будуць гатовы да атакі.

Говэн сказаў яму на вуха некалькі слоў.

— Разумею, — паўтарыў Гешан.

Говэн спытаўся:

— Усе нашы барабаншчыкі захаваліся?

— Усе.

— У нас іх дзевяць чалавек. Пакіньце сабе дваіх, а сем дайце мне.

Сем барабаншчыкаў моўчкі выступілі наперад і выстраіліся перад камандзірам. Тады ён крыкнуў:

— Батальён «Чырвонай Шапкі», — да мяне!

З радоў выступіла дванаццаць чалавек, у тым ліку адзін сержант.

— Я казаў, каб увесь батальён, — сказаў Говэн.

— Ён увесь тут, — адказаў сержант.

— Як? Вас толькі дванаццаць?

— Так, засталося толькі дванаццаць.

— Ну, добра, — сказаў Говэн.

Сержант быў той самы грубаваты і добрадушны Ра-