Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/185

Гэта старонка была вычытаная

дуб, што ад імя свайго батальёна ўсынавіў трох сіротак, знойдзеных у Содрэйскім лесе.

Палова гэтага батальёна была знішчана на ферме Эрб-ан-Пайль, але Радуб па шчасліваму выпадку выратаваўся.

Каля батарэі стаяў фургон з фуражом. Говэн паказаў на яго Радубу.

— Сержант, няхай вашы людзі абматаюць свае стрэльбы саломай, каб яны не бразгалі ў дарозе.

Прайшло некалькі мінут. Загад быў выкананы ў поўным маўчанні ў цемры.

— Гатова, — сказаў сержант.

— Салдаты, здыміце чаравікі, — загадаў Говэн.

— У нас іх няма… — адказаў сержант.

Разам з барабаншчыкамі стварыўся атрад з дзевятнаццаці чалавек. Говэн быў дваццатым.

Ён скамандаваў:

— Стройся ў адну шарэнгу! За мной! Барабаншчыкі наперадзе, салдаты батальёна ззаду. Сержант, даручаю вам камандаваць батальёнам.

Ён стаў на чале калоны, і пад грукат кананады з абодвух бакоў гэтыя дваццаць чалавек, як цені, паглыбіліся ў лабірынт апусцелых завулкаў.

Так ішлі яны досыць доўга, прабіраючыся ля сцен дамоў.

Увесь горад нібы вымер; абываталі схаваліся ў скляпах. Усе акяніцы былі зачыненыя, усе дзверы былі на завалах. Нідзе не прабівалася ні праменя святла.

У магільнай цішыні пустынных завулкаў грукат, які ішоў з вялікай вуліцы, здаваўся яшчэ гучнейшым. Артылерыйскі бой працягваўся.

Пасля дваццацімінутнай хады Говэн, які ўпэўнена ішоў у цемры па звілістых пераходах, прывёў свой