Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/186

Гэта старонка была вычытаная

атрад да канца завулка, які выходзіў на галоўную вуліцу з другога боку базарнай плошчы.

З гэтага боку барыкада не была абаронена — вечная памылка ўсіх будаўнікоў барыкад, — і атраду Говэна нічога не варта было прабрацца пад каланады рынка, дзе стаяла некалькі павозак з абоза, ужо запрэжаных, гатовых рушыць у дарогу. Перад Говэнам і яго дзевятнаццацю салдатамі была ўсё тая самая пяцітысячная армія, толькі цяпер яны зайшлі ёй у тыл.

Говэн шапнуў нешта сержанту. Са стрэльбаў знялі салому. Дванаццаць грэнадзёраў выстраіліся за рогам завулка. Усе сем барабаншчыкаў нарыхтавалі свае палачкі, чакаючы каманды.

Залпы гармат следавалі адзін за адным праз невялікія перапынкі. І вось у адзін з такіх перапынкаў Говэн узмахнуў сваёй шпагай і звонкім, як труба, голасам закрычаў:

— Дзвесце чалавек направа, дзвесце налева, астатнія прама наперад!

Грымнуў залп з дванаццаці стрэльбаў, сем барабаншчыкаў забілі «ў атаку». Говэн скамандаваў:

— У штыхі, хлопцы! Калі!

То быў страшны кліч рэспубліканцаў, які наводзіў жах на белых.

Эфект вышаў нечуваны.

Уся шматтысячная сялянская маса, пачуўшы ворагаў у сябе за спіной, уявіла сабе, што на яе ідзе новая армія. І ў той-жа самы час рэспубліканская калона, што засталася пад начальствам Гешана, пачуўшы барабанны бой, таксама дала сігнал «у атаку» і шпаркім крыкам рушыла на барыкаду. Вандэйцы апынуліся між двух агнёў. Пачалася паніка, а паніка — гэта кашмар, у часе якога ўсё здаецца паравялічаным.