Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/188

Гэта старонка была вычытаная

Праз некалькі мінут рынак апусцеў. Перапалоханыя сяляне пусціліся, хто куды. Афіцэры нічога не маглі зрабіць. Іманус забіў двух або трох уцекачоў, але гэта не дапамагло. Навакол чулася адно: «Ратуйся, хто можа!» І ўся гэтая армія высыпала па завулках гарадка ў адкрытае поле з хуткасцю хмары, падхопленай ураганам.

Маркіз дэ-Лантэнак быў сведкай гэтай панікі. Уласнымі рукамі закляпаўшы гармату, ён пайшоў апошнім, пайшоў спакойным, мерным крокам, кажучы: «Так, з сялянамі нічога не зробіш. Нам патрэбны англічане».

У ДРУГІ РАЗ

Перамога была поўная.

Говэн павярнуўся да салдат батальёна «Чырвонай Шапкі» і сказаў:

— Вас толькі дванаццаць, але вы варты тысяч.

Пахвала начальніка ў той час была тое самае, што атрыманне ордэна.

Атрад Гешана, адпраўлены Говэнам наўздагон за ўцекачамі, прывёў многа палонных. Запалілі факелы і пачалі абшукваць горад.

Усе, хто не паспеў ўцячы, здаліся. Галоўную вуліцу асвятлілі каганцамі; яна ўся была ўсеяна забітымі і раненымі. Кожны бой звычайна канчаецца дробнымі сутычкамі: некалькі паасобных гурткоў самых смялейшых яшчэ супраціўляліся; іх абкружылі, і яны палажылі зброю.

У шалёнай сумятні агульнага ўцякання Говэн заўважыў аднаго геройскага вандэйца: спрытны і дужы, гэты чалавек біўся, засланяючы ўцяканне таварышоў, але сам не думаў уцякаць. Ён дасканала арудваў сваім карабінам, то страляў з яго, то адбіваўся пры-