Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/189

Гэта старонка была вычытаная

кладам, так што, нарэшце, карабін разляцеўся на кавалкі. Цяпер ён трымаў у адной руцэ пісталет, у другой — шаблю. Да яго баяліся прыступіцца. Раптам Говэн убачыў, што ён захістаўся і абапёрся аб слуп; відаць, ён быў ранены. Але і цяпер ён не выпускаў шаблі і пісталета. Говэн узяў сваю шпагу пад паху і падышоў да яго.

— Здавайся! — сказаў ён.

Ранены пільна паглядзеў на яго. З-пад курткі ў яго цякла кроў, і пад нагамі ўжо была крывавая лужына.

— Ты мой палоннік, — дадаў Говэн.

Ранены маўчаў.

— Як цябе завуць?

Той адказаў:

— Танец Смерці — вось маё імя.

— Ты малайчына, — сказаў Говэн і працягнуў яму руку.

Вандэец замест адказу крыкнуў:

— Хай жыве кароль!

Сабраўшы апошнія сілы, ён падняў абедзве рукі і адной рукой стрэліў у Говэна з пісталета, а другой замахнуўся шабляй над яго галавой.

Усё гэта ён зрабіў са спрытнасцю тыгра, але нехта быў яшчэ спрытнейшы. Гэта быў коннік, які пад'ехаў за некалькі хвілін перад тым. Убачыўшы, што вандэец падняў пісталет і замахнуўся шабляй, ён кінуўся між ім і Говэнам. Каб не ён, Говэн быў-бы забіты. Куля трапіла ў каня, удар шаблі дастаўся чалавеку, і абодва — конь і чалавек — зваліліся. Усё гэта адбылося ў адно імгненне.

Вандэец, знясілены ад ран, млява апусціўся на брук.

Шабля рассекла незнаёмаму твар. Ён ляжаў у непрытомнасці. Конь быў забіты.

Говэн схіліўся над ім.