Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/190

Гэта старонка была вычытаная

— Хто гэты чалавек? — спытаўся ён, углядаючыся ў незнаёмца.

Але кроў заліла чалавеку ўвесь твар, які зрабіўся суцэльнай чырвонай масай, дзе нічога нельга было разабраць. Відаць былі толькі сівыя валасы.

— Гэты чалавек выратаваў мне жыццё, — сказаў Говэн, — ці не ведае хто-небудзь з вас, хто ён такі?

— Камандзір, — азваўся адзін з салдат, — ён толькі што прыехаў у горад. Я бачыў, як ён пад'язджаў з боку Пантарсона.

Падышоў старшы доктар атрада з наборам хірургічных інструментаў. Ранены ўсё яшчэ быў у непрытомнасці. Доктар агледзеў яго і сказаў:

— Глупства: разрэз глыбокі, але небяспекай не пагражае. Мы зашыем рану, і праз тыдзень ён будзе на нагах. Але ўдар хвацкі.

Незнаёмы быў у плашчы з трохкаляровай перавяззю і ў капелюшы з трохкаляровай какардай. Пры ім былі пісталеты і шабля. Яго раздзелі і палажылі на насілкі. Прынеслі вядро халоднай вады; доктар абмыў яму рану. Цяпер можна было разгледзець яго твар. Говэн углядаўся ў яго з напружанай увагай.

— Ці ёсць пры ім якія-небудзь паперы? — спытаўся ён.

Доктар памацаў бакавую кішэню параненага, выняў з яе бумажнік і падаў Говэну. Між тым ранены ад халоднай вады пачаў прыходзіць да памяці; яго павекі слаба заварушыліся.

Говэн перагарнуў паперы і знайшоў складзены ўчэцвера аркуш паперы. Разгарнуўшы яго, ён пачаў чытаць:

«Камітэт грамадскага ратавання. Грамадзянін Сімурдэн…»

— Сімурдэн! — вырвалася ў яго.