Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/191

Гэта старонка была вычытаная

Ранены пачуў гэты голас і расплюшчыў вочы.

— Сімурдэн! Гэта вы!.. Ужо другі раз вы выратавалі мне жыццё…

Сімурдэн глядзеў на яго. Невыказнае шчасце асвятляла яго скрываўлены твар.

Говэн апусціўся перад ім на калені.

— Мой настаўнік! — ускрыкнуў ён.

— Твой бацька, — сказаў Сімурдэн.

КАПЛЯ ХАЛОДНАЙ ВАДЫ

Яны не бачыліся ўжо многа гадоў, але ім здавалася, што яны разлучыліся толькі ўчора.

У гарадской ратушы наспех раскінулі паходны лазарэт. Сімурдэна змясцілі ў асобным маленькім пакоі, побач з вялікай залай, адведзенай пад агульную палату для раненых. Хірург, што зашываў яму рану, спыніў сардэчную гутарку двух сяброў, абвясціўшы, што хвораму пасля аперацыі неабходна заснуць. Ды і Говэна чакалі неадкладныя справы, якія заўсёды прыпадаюць на начальніка пасля перамогі: трэба было даць сякія-такія загады, паклапаціцца аб размяшчэнні салдат. Сімурдэн застаўся адзін.

Ён не спаў, а між тым яму здавалася, што ён бачыць сон. Ці магчыма гэта? Мара яго здзейснілася. Ён знайшоў Говэна. Пакінуў ён яго дзіцем, а сустрэў мужчынай, храбрым салдатам, сільным, бязбоязным. Ён убачыў яго ў момант поспеху ў барацьбе за народную справу. Яго вучань зрабіўся цяпер героем, а ў недалёкім будучым можа будзе гонарам сваёй бацькаўшчыны.

Успамінаючы ўсё перажытае, Сімурдэн ляжаў без сна. Яму здавалася, што на гарызонце Францыі ўстае новае сонца. Ён верыў: яшчэ адна такая перамога,