Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/192

Гэта старонка была вычытаная

якую ён цяпер наглядаў, і Рэспубліка паставіць Говэна на чале арміі.

Нішто так не асляпляе, як нечаканы поспех. То быў час, калі ўсе марылі пра ваенную славу; кожнаму хацелася стварыць свайго палкаводца. Сімурдэн хацеў бачыць Говэна вялікім палкаводцам. Ён ужо бачыў яго — мара ляціць, як птушка — на акіяне, як ён праследуе ўцякаючых англічан, на Рэйне — як ён карае кааліцыю каралёў, на Пірынеях — як ён адціскае іспанцаў, на Альпах — як ён падае Рыму сігнал паўстання. У Сімурдэне жылі два чалавекі: адзін з пяшчотным сэрцам, другі — суровы, для якога цвёрдая прамалінейнасць была ідэалам, і абодва былі задаволены, таму што ў Говэне ён бачыў не толькі мужнага правадыра, але і грознага мсціўца. Сімурдэн трымаўся такога погляду, што перш, чым будаваць, трэба разбурыць. «Цяпер не да пяшчот», казаў ён. І ён быў упэўнены, што Говэн цяпер будзе «на вышыні становішча», як тады казалі.

Раптам Сімурдэн пачуў праз трохі адчыненыя дзверы свайго пакоя голас Говэна. Ён пачаў прыслухоўвацца. Пачуўся шум шагоў. Адзін з салдат сказаў:

— Камандзір, вось гэта той чалавек, што страляў ў вас. Ён паспеў быў схавацца ў склепе, але мы яго знайшлі.

Сімурдэн пачуў гутарку паміж Говэнам і палонным.

— Ты ранены?

— Я адчуваю сябе досыць добра для таго, каб быць расстраляным.

— Палажыце гэтага чалавека ў пасцель. Перавяжыце яго рану і лячыце яго.

— Я хачу памерці.

— Ты не памрэш. Ты хацеў забіць мяне ў імя караля, — я дарую табе жыццё ў імя Рэспублікі.