Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/193

Гэта старонка была вычытаная

Нібы цень набег на твар Сімурдэна. Быццам разбуджаны, адышоў ён ад сваіх мараў і, адчуваючы нядобрае, прамармытаў сумным голасам:

— Так, ён сапраўды мяккасардэчны.

РАНА ЗАГАІЛАСЯ, СЭРЦА — НЕ

Рана Сімурдэна хутка загаілася. Але была адна істота з больш цяжкімі ранамі. Гэта была тая расстраляная вандэйцамі маці, якую падабраў бадзяга Тэльмарш у лужыне крыві на ферме Эрб-ан-Пайль.

У Мішэлі Флешар было тры раны: адна скразная — куля трапіла ў верхнюю частку грудзей і вышла ў спіну, прабіўшы лапатку; другой куляй ёй патрушчыла ключыцу, трэцяй — плечавую косць. Але лёгкія не былі закранутыя.

Тэльмарш у вёсцы лічыўся «філосафам», што на сялянскай мове азначае знахар, гэта значыць крыху ўрач і хірург, крыху вядзьмар. Ён перанёс раненую ў сваё звярынае логава, улажыў яе на сваю пасцель з моху і пачаў лячыць так званымі «простымі» сродкамі. Дзякуючы яго клопатам яна не памерла. Ключыца зраслася, раны на грудзях і ў плячы зацягнуліся. Праз некалькі тыдняў яна пачала папраўляцца.

Нарэшце настаў дзень, калі яна магла ўжо выйсці з нары, абапіраючыся на руку Тэльмарша. Ён усадзіў яе на сонейку пад дрэвамі. Ён амаль нічога не ведаў аб гэтай жанчыне. Яна маўчала, але па яе вачах ён бачыў, што яе нешта мучыць. У гэтую раніцу яна была больш бадзёрая: яна магла хадзіць амаль без дапамогі. Ён усміхнуўся ёй і сказаў:

— Ну, вось мы і на нагах. Усе нашы раны загаіліся, дзякую богу.

— Толькі сэрца баліць, — сказала яна і дадала: — Вы, значыцца, не ведаеце… зусім не ведаеце, дзе яны?