Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/194

Гэта старонка была вычытаная

— Хто? — спытаўся Тэльмарш.

— Мае дзеці.

Многа разоў у час хваробы яна клікала сваіх дзяцей і бачыла, што стары не хоча ёй адказваць.

Але Тэльмарш і сапраўды не ведаў, што ёй сказаць. Нялёгка гаварыць з маткаю пра яе загінуўшых дзяцей. Ды і што, уласна кажучы, яму было вядома? Нічога. Ён ведаў толькі, што нейкую маці расстралялі, што ён знайшоў гэтую маці ў лужыне крыві, што, калі ён яе падабраў, яна была амаль трупам, што ў гэтага трупа было трое дзяцей і што Лантэнак пасля расстрэлу мацеры ўзяў дзяцей з сабой. На гэтым канчаліся ўсе яго весткі. Што сталася з дзецьмі? Ці жывыя яны яшчэ?.. Яму казалі, што іх было два хлопчыкі і дзяўчынка, толькі што адлучаная ад грудзей. Вось і ўсё. Яго і самога непакоіў лёс гэтых няшчасных дзяцей, але ён нічога не мог даведацца. Ён спрабаваў быў распытваць ваколічных сялян, але яны толькі маталі галовамі і нічога не казалі. Не такі быў чалавек Лантэнак, каб аб ім можна было гаварыць.

Сяляне ўхіляліся гаварыць пра Лантэнака і неахвотна ўступалі ў гутарку з Тэльмаршам. Сяляне наогул народ недаверлівы. Тэльмарша не любілі. Бадзяга Тэльмарш быў чалавек непакойны. Навошта ён заўсёды глядзіць у неба? Што ён робіць, аб чым думае, калі гадзінамі стаіць, як пень, на адным месцы? Безумоўна, ён чалавек дзіўны. У краіне, ахопленай пажарам вайны, у краіне, дзе ў людзей адзін інтарэс — спусташэнне, адна работа — разаніна, дзе кожны толькі і думае, як-бы падпаліць дом, выразаць сям'ю ворага, забіць варту непрыяцеля, разграміць вёску, зрабіць засаду, злавіць ворага ў пастку; у краіне, дзе ўсе навыперадкі знішчаюць адзін аднаго, — гэты чалавек, які збірае зёлкі, цікавіцца толькі кветкамі, птушкамі ды