Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/195

Гэта старонка была вычытаная

зоркамі, быў яўна чалавекам небяспечным. Справа ясная: у яго галава не ў парадку. Ён не хаваецца за кустамі, пільнуючы ворага, ні ў каго не страляе. «Ён вар'ят», — казалі ў народзе. Яго ўхіляліся. Яго сцерагліся. Да яго не звярталіся з пытаннямі і на яго пытанні не адказвалі. Таму ён нічога не мог даведацца пра дзяцей Мішэлі Флешар.

Пачуўшы ад асірацелай маткі словы: «мае дзеці», Тэльмарш больш не ўсміхаўся, а маці зноў увайшла ў свае думы. Што адбывалася ў яе беднай душы? Яна нібы правалілася ў чорную бяздонную яму…

Але раптам яна зірнула на Тэльмарша і выкрыкнула амаль гнеўна:

— Мае дзеці!

Тэльмарш апусціў галаву, нібы вінаваты.

Ён успомніў пра маркіза, які ўжо напэўна не думаў пра яго і, мусіць, забыўся нават аб яго існаванні. Тэльмарш добра гэта разумеў. Ён казаў сабе: «Калі важны пан у бядзе, ты яму патрэбны, і ён табе прыяцель, калі-ж бяда мінула, ён не хоча цябе ведаць». І ён спытаў сябе: «Дык навошта-ж ты выратаваў гэтага пана?» І тут-жа адказаў: «Таму, што ён — чалавек». На гэтым ён задумаўся, потым сказаў сабе: «Ды кінь, хіба ён чалавек?» І нарэшце ў яго вырваліся горкія словы:

— Каб толькі я ведаў!

Усё гэта мучыла яго. Значыцца, добры ўчынак можа выйсці дрэнным. Ратуючы ваўка, губіш авечак. Вылечыўшы падбітае крыло каршуна, робішся адказным за яго кіпці. Ён адчуваў сябе вінаватым. Няшчасная маці была права ў сваім гневе.

Так, ён вінаваты: ён выратаваў маркіза: алеж ён выратаваў і гэтую маці. Гэты довад крыху супакойваў яго.