Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/197

Гэта старонка была вычытаная

Яна глянула на яго і сціхла. З гэтага дня яна зусім перастала гаварыць.

Цэлымі гадзінамі праседжвала яна, скурчыўшыся, пад старым дубам. Яна думала і маўчала. Здавалася, яна прымірылася з немагчымасцю зразумець. Чалавек, які дайшоў да мяжы роспачы, робіцца абыякім.

Тэльмарш назіраў за ёй, ледзь не плачучы ад жалю. І ён таксама маўчаў, разумеючы, што словы дарэмныя перад такім горам.

Тэльмаршу хацелася прымусіць гэтую няшчасную загаварыць, але гэта так і не ўдалося яму.

Неяк раз ён сказаў её:

— На жаль, я — стары і не магу многа хадзіць. Я нікуды не дайду — няхопіць сіл. Пасля чвэрці гадзіны хады ногі мае адмаўляюцца служыць, і мне прыходзіцца адпачываць, а то я пайшоў-бы з вамі… Ну, але можа і лепш, што я не магу хадзіць. Магчыма, я быў-бы для вас небяспечным спадарожнікам. Мяне тут толькі церпяць, але не любяць: сінім я здаюся падазроным, таму што я — селянін, а сяляне лічаць мяне ведзьмаром.

Ён чакаў адказу; яна нават не падняла на яго вачэй. На які гераізм здольная бедная сялянка? Яна можа быць толькі маткаю, і больш нічым. З кожным днём яна ўсё больш і больш паглыблялася ў свае думы. Тэльмарш моўчкі назіраў за ёй. Ён стараўся заняць яе чым-небудзь: прынёс ёй нітак, іголку, напарстак, і, на вялікае задавальненне беднаму бадзягу, яна прынялася за шыццё. Думаючы пра сваё, яна працавала; гэта была адзнака здароўя. Да яе паступова вярталіся сілы. Яна залатала сваю бялізну, адзенне, свае чаравікі. Але вочы яе глядзелі ўсё таксама тупа-безуважна. Працуючы, яна ціханька спявала нейкія сумныя песні. Часам раптам сцішалася і прыслухоў-