Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/199

Гэта старонка была вычытаная

тэрора і рэспубліка літасці. Адна думала перамагчы суровасцю, другая — мяккасцю. Якая-ж з двух атрымае перавагу? Абедзве гэтыя формы — прымірэнчая і няўмольная — мелі двух прадстаўнікоў, аднолькава аўтарытэтных. Адзін быў ваенны начальнік, другі — грамадзянскі дэлегат. Хто-ж з іх возьме верх? Грамадзянскі дэлегат меў вялікую перавагу — падтрымку рэспубліканскай улады. Ён прыбыў ад Парыжскай комуны з грозным загадам батальёнам Сантэра: «Ніякай літасці! Ніякіх кампрамісаў!» Ён прывёз дэкрэт Канвента, у якім значылася: «Кожны, хто адпусціць на волю ці дапусціць уцёкі палоннага правадыра бунтаўшчыкоў, караецца смерцю». Ён меў неабмежаваныя паўнамоцтвы ад Камітэта грамадскага ратавання і загад, каб усе слухаліся яго, дэлегата, загад, падпісаны Робесп'ерам, Дантонам і Маратам.

У другога, ваеннага, была адна толькі сіла — літасць. За яго была яшчэ ягоная мужная рука, біўшая ворага, і сэрца, шкадаваўшае пераможаных. Ён быў пераможца і лічыў, што мае права шкадаваць.

У выніку — захаваны, але глыбокі разлад паміж гэтых двух людзей. Абодва змагаліся з паўстаннем і ў кожнага быў свой спосаб: у аднаго — перамога, у другога — тэрор.

Уся лясная Брэтань гаварыла пра іх. Агульная цікавасць да іх павялічвалася яшчэ таму, што паміж іх была вялікая дружба, што адзін з іх выратаваў жыццё другому, што яны любілі адзін другога. Дзіўныя бываюць загадкі!

Дадамо яшчэ, што той з двух, каго ўсе лічылі «лютым», уласнымі рукамі перавязваў раны, даглядаў хворых, дні і ночы праводзіў у лазарэтах і на перавязачных пунктах і не меў нічога, таму што ўсё раздаваў бедным. Ён прымаў удзел ва ўсіх баях: ішоў