Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/20

Гэта старонка была вычытаная

Салдаты згрудзіліся наўкол і моўчкі глядзелі на няшчасную.

Удава і трое сірат… Адны, усімі пакінутыя… Уцякалі ад ваеннай навальніцы, ахапіўшай усё неба да самага гарызонта… Голад, смага… Замест ежы — трава. Замест прытулку — адкрытае неба.

Сержант падышоў да жанчыны і схіліўся над малюткай. Раптам дзяўчынка выпусціла грудзь, ціханька павярнула галаву, паглядзела сваімі цудоўнымі блакітнымі вачыма на схілены над ёй страшны, парослы шчацінай твар і ўсміхнулася.

Сержант выпрастаўся; буйная слязіна скацілася па яго шчацэ і застыла на кончыку лютага вуса.

Ён загаварыў гучным голасам:

— Таварышы! З усяго гэтага вынікае, што нашаму батальёну выпадае зрабіцца бацькам. Усынавім гэтых трох дзяцей. Згодны?

— Хай жыве Рэспубліка! — закрычалі салдаты.

— Вырашана, — сказаў сержант і, распасцёршы рукі над галовамі маці і дзяцей, дадаў:

— Вось дзеці батальёна Чырвонай Шапкі!

Маркітантка заскакала ад радасці.

— Пад адной шапкай тры галавы.

Яна раптам залілася слязмі і кінулася абнімаць бедную ўдаву.

— Хай жыве Рэспубліка! — паўтарылі салдаты.

А сержант сказаў жанчыне:

— Хадзем з намі, грамадзянка!