Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/200

Гэта старонка была вычытаная

наперадзе атакуючых, кідаўся ў сярэдзіну самых гарачых сутычак — узброены, бо ў яго за поясам былі шабля і пісталеты, і бяззбройны, бо ніхто ніколі не бачыў, каб ён вымаў шаблю ці дакранаўся да пісталетаў. Ён ішоў насустрач ударам, але сам удараў не наносіў. У народзе казалі, што ён быў раней ксяндзом.

Адзін з гэтых двух людзей быў Говэн, другі — Сімурдэн.

Паміж двума людзьмі была дружба, але паміж іх прынцыпамі — варожасць. Вынікам гэтага з'явіўся глыбокі разлад. Гэтая глухая варожасць аднаго разу выявілася адкрыта.

Сімурдэн спытаў Говэна:

— Ну, што, як нашы справы?

Говэн адказаў:

— Вы гэта ведаеце не горш за мяне. Банды Лантэнака рассеяны. У яго засталося не больш некалькіх дзесяткаў чалавек. Ён прыціснуты да Фужэрскага лесу і праз тыдзень будзе акружаны.

— А праз два тыдні?

— Будзе ўзяты.

— А потым?

— Вы чыталі маю аб'яву?

— Чытаў. Ну, і што-ж?

— Ён будзе расстраляны.

— Зноў патуранне. Ён павінен памерці на гільятыне.

— Я стаю за ваенную кару, — сказаў Говэн.

— А я за рэволюцыйную кару, — сказаў Сімурдэн і, гледзячы Говэну ў вочы, спытаў: — Навошта ты адпусціў на волю манашак з манастыра святога Марка?

— Я не ваюю з жанчынамі, — адказаў Говэн.

— Гэтыя жанчыны ненавідзяць народ, а ў нянавісці адна жанчына варта дзесятка мужчын. Чаму ты не