Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/203

Гэта старонка была вычытаная

вялікага года — бязлітасць. А чаму? Таму, што гэта год рэволюцыі У ім ажыццявілася вялікая рэволюцыя. У рэволюцыі ёсць вораг — аджыўшы свет, і яна бязлітасная да яго, як хірург бязлітасны да свайго ворага — гангрэны. Рэволюцыя знішчае каралеўскую ўладу ў асобе караля, арыстакратыю ў асобе двараніна, дэспатызм у асобе вайсковай улады, забабоны ў асобе ксяндза, варварства ў асобе суддзяў — адным словам, знішчае ўсё, што завецца тыраніяй, у асобе ўсіх, хто з'яўляецца тыранам. Аперацыя балючая, але рэволюцыя робіць яе цвёрдай рукой. І ў цябе хапае духу патрабаваць літасці да гнойнай язвы, якая атручвае ўвесь грамадскі арганізм!.. Не, рэволюцыя цябе не паслухаецца. Яна моцна трымае ў сваіх дужых руках наша агіднае мінулае і пакончыць з ім. На целе цывілізацыі яна зробіць глыбокі надрэз, які аздаравіць чалавецтва… Вам балюча, гаворыце вы? Так, балюча, без гэтага нельга. А ці доўга яшчэ будзе балюча? Пакуль не скончыцца аперацыя. Затое потым вы будзеце жыць. Рэволюцыя ампутуе стары свет, а пры ампутацыях без крыві не абыходзіцца. Наш дзевяноста трэці год — крывавы год.

— Так, але хірург спакойны, а людзі, што акружаюць мяне, лютыя, як зверы, — сказаў Говэн.

— Для таго, каб перамагчы, рэволюцыі патрэбны людзі з жалезнай воляй, — сказаў Сімурдэн. — Яна адштурхоўвае кожную дрыжачую руку. Яна спадзяецца толькі на бязлітасных. Дантон страшны, Робесп'ер непахісны, Марат непрымірымы… Заўваж, Говэн: гэтыя імёны нам неабходны. Яны вартыя цэлых армій: яны страшаць Еўропу.

— І, можа, прывядуць у жах будучыя вякі, — уставіў Говэн. Ён памаўчаў і сказаў далей: — Ды вы, настаўнік, памыляецеся: я нікога не вінавачу. Па-мойму на рэ-