Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/204

Гэта старонка была вычытаная

волюцыю трэба глядзець як на безадказны факт. Ніхто не вінаваты, і ўсе вінаватыя.

Сімурдэн падняў галаву.

— Прыдзе дзень, калі плады рэволюцыі паслужаць апраўданнем тэрору.

— Я баюся, каб тэрор не зганіў рэволюцыю, — адказаў Говэн. — Воля, роўнасць і братэрства — гэта мір і ўсеагульная гармонія. Навошта надаваць ім палохаючы выгляд? Рэволюцыя павінна быць прымірэннем, а не жахам. Амністыя — самае прыгожае слова, якое толькі вымаўляла чалавецтва. Праліваць чужую кроў я магу, толькі рызыкуючы сваёй. Нарэшце, я і сам добра не ведаю, супроць чаго трэба змагацца; я-ж толькі салдат. Але я ведаю адно: калі нельга дараваць, то не варта і перамагаць. Будзь у бойцы ворагам такіх ворагаў, а перамогшы іх, будзь ім братам…

— Сцеражыся, Говэн! — паўтарыў Сімурдэн ў трэці раз. — Ты для мяне больш, як сын. Сцеражыся! — І ён задумліва дадаў: — У такі час, як наш, літасць можа стаць здрадай.

Гутарка гэтых двух людзей нагадвала спрэчку шпагі з сякерай.

ТУЖЛІВАЯ

Між тым маці шукала сваіх дзяцей.

Яна ішла, куды вочы глядзяць. Чым яна жыла? Чым жывілася? Яна і сама не ведала. Яна ішла дзень і ноч, жабравала, ела траву, спала на голай зямлі пад адкрытым небам, пад зоркамі, у кустах, часам пад дажджом, на ветры.

Яна ішла ад вёскі да вёскі, ад фермы да фермы, спынялася ля парогаў дамоў і пыталася. Яе адзенне пе-