Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/205

Гэта старонка была вычытаная

ратварылася ў лахманы. Часам яе ўпускалі, часам праганялі. Калі не пускалі, яна ішла ў лес.

Яна не ведала мясцовасці, яна ніколі нідзе не бывала і ведала толькі сваю вёску Сікуан'яр ды сваю парафію Азэ. Ёй часта здаралася кружыць на адным месцы, ісці дарогай, па якой яна ўжо праходзіла, і дарма траціць сілы. Яна ішла то па шасе, то па каляінах, пракладзеных павозкамі, то паглыблялася па сцежцы ў гушчар лесу. Спачатку яна ішла ў чаравіках, потым босая і, нарэшце, ступала пацёртымі да крыві нагамі.

Яна ішла па палях боек, пад стрэламі. Яна нічога не чула, нічога не бачыла, ні ад чаго не ўцякала: яна шукала сваіх дзяцей. Уся краіна была ахоплена мецяжом; нідзе не было ні жандараў, ні мэраў, ні сельскай улады. Ёй прыходзілася мець справу толькі з прахожымі. Кожнага яна спыняла, кожнага пыталася:

— Ці не бачылі вы часам дзе-небудзь трох маленькіх дзяцей?

Прахожы здзіўлена падымаў галаву.

— Двух хлопчыкаў і дзяўчынку, — тлумачыла яна: — Рэне-Жана, Гро-Алэна і Жоржэту. Не бачылі? Старэйшаму пяты гадок, а маленькай — год восем месяцаў. Іх адабралі ад мяне.

Прахожы моўчкі глядзеў на яе. Бачачы, што яе не разумеюць, яна зноў тлумачыла:

— Гэта мае дзеці, таму я і пытаюся.

Прахожы матаў галавой і ішоў сваёй дарогай. Тады яна застывала ў нямым адчаі.

Аднойчы адзін селянін, да якога яна звярнулася са сваімі пытаннямі, пачаў нешта ўспамінаць.

— Пачакайце, — сказаў ён. — Іх трое, кажаце вы?

— Так.

— Два хлопчыкі…

— І дзяўчынка.