Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/210

Гэта старонка была вычытаная

Склеп гэты служыў і засценкам і каменным мяшком. Адтуль зняволеныя ўжо ніколі не выходзілі. Пры кожнай вежы, пры кожным замку тых часоў быў свой каменны мяшок. Цямніца Турга, як і большасць тагочасных цямніц, была двухпавярховая. Верхні паверх, куды траплялі праз дзверцы ў сцяне вежы, складаўся з аднаго досыць вялікага пакоя, які меў столь у выглядзе скляпення, і быў на адным узроўні з залам ніжняга паверха. На двух процілеглых сценах гэтага пакоя відаць былі па дзве паралельныя баразны, якія падымаліся вертыкальна і праходзілі ад сцяны да сцяны праз усю столь, дзе яны ўразаліся ў камні скляпення асабліва глыбока, так што здаваліся каляінамі ад колаў павозкі. Ды яны і сапраўды былі каляінамі. У феадальную эпоху ў гэтым пакоі адбывалася чвэртаванне, але больш спрошчаным і не такім шумным спосабам, як чвэртаванне коньмі. Тут у свой час былі прыладжаны два такія вялікія колы, што яны датыкаліся да сцен і столі. Да кожнага кола прывязвалі руку і нагу асуджанага, потым пачыналі круціць колы ў розныя бакі, і чалавека разрывала на часткі. Для гэтага патрэбна было шмат сілы, таму і стварыліся гэтыя барозны на сценах і столі.

Пад гэтым пакоем, які служыў засценкам, быў другі спецыяльны каменны мяшок. Асуджанага на вяроўцы, голага, спускалі з верхняй часткі склепа ў ніжнюю праз дзіру ў падлозе верхняга памяшкання. Калі ён упарта хацеў жыць, яму кідалі ежу праз гэтую адтуліну.

Праз гэтую дзіру ў падлозе верхняя камера атрымоўвала свежае паветра. Ніжняе памяшканне ішло глыбока ў зямлю і было больш студняй, як пакоем: там на падлозе стаяла вада, і павявала лядзянае паветра. Гэты халодны струмень паветра, які забіваў