Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/211

Гэта старонка была вычытаная

ніжняга жыхара склепа, верхняму даваў магчымасць жыць. Дзякуючы гэтаму ў верхняй камеры можна было дыхаць. Калі чалавек трапляў у гэты склеп, усёроўна, ці ўваходзіў ён праз дзверкі ў сцяне вежы, ці падаў праз адтуліну з верхняй камеры ў ніжнюю, — ён ужо не выходзіў на свет божы.

І верхнія і ніжнія жыхары склепа жылі ў вечнай цемры і павінны былі вобмацкам прабірацца з аднаго канца камеры ў другі; адзін неасцярожны крок — і верхні жыхар мог зрабіцца ніжнім. У гэтай справе яму дадзена была воля. Калі ён яшчэ чапляўся за жыццё, дзіра ў падлозе ўвесь час была для яго пагрозай; калі яму хацелася пазбавіцца жыцця, тая-ж дзіра была добрым для гэтага спосабам. Верхні паверх быў цямніцай, ніжні — магілай.

Нашы продкі называлі такія цямніцы-магілы каменнымі мяшкамі. Для нас гэтая назва — пусты гук, бо тое, што яно азначала, знікла без сляда. Дзякуючы рэволюцыі мы можам без ніякага ўражання слухаць і вымаўляць такія словы.

Знадворку, над праломам, у сцяне вежы была амбразура або байніца, значна шырэйшая за астатнія байніцы, з гэтай амбразуры звешваліся выдзертыя са сцяны і пагнутыя жалезныя краты.

З боку, процілеглага ад пралому, да вежы датыкаўся каменны мост на трох арках, якія досыць добра захаваліся. На гэтым месцы стаяў раней будынак, ад якога гадоў сорак назад заставаліся толькі руіны са слядамі пажару. Гэтыя пачарнелыя сцены замка, з дзірамі замест акон, нагадвалі шкілет з пустымі вачыма побач са зданню вежы.

Цяпер гэтая руіна зусім знесена, і ад яе нічога не засталося. Досыць аднаго дня і аднаго селяніна, каб