Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/212

Гэта старонка была вычытаная

знішчыць тое, што будавалася многімі манархамі і многімі стагоддзямі.

Слова Тург — скарочаная простым народам назва «Тур-Говэн» — вежа Говэнаў. Тург, які сорак гадоў назад быў руінай, а цяпер стаў ценем, у 1793 годзе быў цытадэляй. Гэта была Бастылія Говэнаў, якая ахоўвала з захаду ўваход у Фужэрскі лес, які ў наш час наўрад ці заслугоўвае назвы гая.

Будаўнікі цытадэлі паставілі яе на адной з вялізных каменных камлыг.

У сярэднія вякі ўся цытадэль складалася з вежы; фундаментам служыла скала. Ля падэшвы скалы працякаў раўчук, адзін з тых раўчукоў, якія ў студзені ператвараюцца ў бурныя патокі, а ў чэрвені перасыхаюць. У гэтым спрошчаным выглядзе цытадэль была амаль непрыступная. Мост аслабіў яе. Сярэдневяковыя Говэны пабудавалі яе без маста. Тады, каб трапіць у яе, трэба было прайсці па дрыжачых кладках, якія можна было знесці адным ударам сякеры. Пакуль Говэны былі віконтамі, яны задавальняліся гэтым, але калі яны зрабіліся маркізамі і прамянялі сваю цытадэль на каралеўскі палац, яны перакінулі праз раўчук тры каменныя аркі і зрабілі яе даступнай з боку раўніны.

Супроць вежы з захаду разлягалася досыць высокае плато, якім канчалася з гэтага боку раўніна. Гэтае плато падыходзіла амаль да самай вежы і аддзялялася ад яе толькі глыбокім ровам, па якім цякла рачулка. Мост, які злучаў вежу з плато, стаяў на высокіх слупах, і на ім у XVII стагоддзі быў пабудован маленькі замак. Прызначаўся ён для жылля. Але норавы таго часу былі яшчэ грубыя, і ўласнікі замка палічылі за лепшае застацца жыць у вежы, у пакоях, якія нагадвалі турэмныя камеры, а ў замку на мосце зрабілі