Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/214

Гэта старонка была вычытаная

ровам, была падвешана на жалезных круках моцная выратоўчая лесніца даўжынёю ў два першых паверхі маставога замка. Па-другое, яны прадбачылі мажлівасць прыступу: мост быў ізаляваны ад вежы нізенькімі масіўнымі жалезнымі дзвярмі. Дзверы гэтыя замыкаліся вялізным ключом, які звычайна хаваўся ў патаемным месцы, вядомым толькі гаспадару замка, і былі гэтыя дзверы такія тоўстыя і моцныя, што ўтрымаліся-б не толькі перад таранам, але, магчыма, і перад гарматнай пальбой. Каб дабрацца да гэтых дзвярэй, трэба было перайсці мост, а каб пранікнуць у вежу, трэба было ўвайсці ў гэтыя дзверы. Другога ўваходу не было.

Другі паверх замка, пабудаванага на высокіх арках маста, быў на ўзроўні трэцяга паверха вежы; на гэтай вышыні, для большай бяспекі, і былі зроблены тыя жалезныя дзверы. З боку моста яны адчыняліся ў бібліятэку, а з боку вежы — у вялікі зал з масіўным каменным слупам пасярэдзіне. Зал гэты займаў увесь трэці паверх. Ён быў круглы, як і сама вежа, і асвятляўся вузкімі байніцамі, якія выходзілі ў адкрытае поле. У гэты зал падымаліся па кругавой лесніцы ў сцяне; у пятнаццаціфутавай сцяне няцяжка зрабіць такую лесніцу. У сярэднія вякі заваёўвалі гарады вуліцу за вуліцай, вуліцы — дом за домам, дамы — пакой за пакоем, а цытадэлі бралі паверх за паверхам. Вежа Тург у сэнсе супраціўлення ворагу была пабудавана вельмі ўдала: яе цяжка было ўзяць. У верхнія паверхі можна было трапіць толькі па вінтавой лесніцы, што было вельмі цяжка для нападаючых, бо ўсе дзверы былі ніжэй чалавечага росту; каб прайсці ў дзверы, трэба было нахіліцца, а чалавека ў такім стане вельмі лёгка ўдарыць па галаве, і абаронцы напэўна скарыстоўвалі гэта, пільнуючы ворага за кожнымі дзвярмі.