Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/215

Гэта старонка была вычытаная

Пад круглым залам трэцяга паверха былі два такія самыя залы — у другім і першым паверхах — і яшчэ тры над ім. Шэсць пакояў былі размешчаны адзін на адным. Вежа заканчвалася плоскім дахам, на які вяла вузенькая, прылепленая знадворку лесніца.

Жалезныя дзверы між мастом і вежай былі зроблены ў сцяне вежы, акурат пасярэдзіне яе пятнаццаціфутавай таўшчыні, так што, калі яны былі зачыненыя, то знаходзіліся і з боку вежы і з боку маста ў глыбіні тунеля даўжынёю ў шэсць-сем футаў, а калі іх адчынялі, то гэтыя два тунелі злучаліся ў адзін, ствараючы вольны, але крыты праход.

Пад гэтым праходам, з боку маста, у сцяне быў патаемны ход на вінтавую лесніцу, якая спускалася з другога на першы паверх замка, які быў пад бібліятэкай, — яшчэ перашкода, якую павінны былі перамагчы нападаючыя. Замак з боку плато выступаў суцэльнай глухой сцяной, і мост тут абрываўся. З плато ён злучаўся пад'ёмным мастом, а паколькі плато было вышэй галоўнага маста, то, калі пад'ёмны мост апускалі, ён клаўся нахільна ў бок замка і ўпіраўся ніжнім канцом у ніжні паверх, дзе змяшчаўся зал кардэгардыі. Але, нават авалодаўшы ніжнім паверхам, нападаючыя, перш чым дабрацца да жалезных дзвярэй, павінны былі ўзяць вінтавую лесніцу, якая вяла на другі паверх.

Бібліятэка мела прадаўгаватую форму адпаведна даўжыні і шырыні маста з адзіным выхадам — праз жалезныя дзверы. Патаемныя дзверы, абабітыя зялёным сукном, лёгка адчыняліся ў тунель, які вёў, да жалезных дзвярэй. Усе сцены бібліятэкі, ад стала да падлогі, былі абстаўлены шклянымі шафамі мастацкай сталярнай работы XVII стагоддзя. Асвятлялася яна шасцю вялікімі вокнамі, па тры з кожнага боку, гэта