Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/216

Гэта старонка была вычытаная

значыць па аднаму акну над кожнай аркай маста. Знадворку, з плато, праз гэтыя вокны была відаць унутранасць пакоя.

У шафах бібліятэкі захоўвалася досыць многа кніг і сярод іх адна, якая была вядома ўсяму свету. Гэта быў старадаўні фаліянт у чвэртку вялікага аркуша з гравюрамі, пад загалоўкам «Святы Варфаламей». Гэты фаліянт, які лічыўся адзіным уцалелым экземплярам гэтага твору, ляжаў на высокай падстаўцы пасярод бібліятэкі. У мінулым стагоддзі сюды спецыяльна прыязджалі, каб глянуць на гэтую рэдкасць.

Падстрэшша, як і бібліятэка, мела прадаўгаватую форму маста. Усё гэта вялікае памяшканне, асветленае шасцю мансарднымі аконцамі, было напхана саломай і сенам.

Такім чынам, шырокая і высокая шасціпавярховая вежа з байніцамі, прабітымі на рознай вышыні, і з адзіным уваходам праз жалезныя дзверы, якія вялі ў замак на мосце, канец якога быў пад'ёмны; за вежай — лес; перад вежай — высокае парослае верасам плато, якое было вышэй маста і ніжэй вежы; пад мастом, паміж вежай і плато, — глыбокі вузкі, зарослы хмызняком роў, які ўзімку ператвараўся ў бурны паток, увесну рабіўся ручаінкай, а ўлетку быў камяністым ярам — вось што такое быў замак Говэнаў, Тур-Говэн, па-простаму Тург.

ЗАЛОЖНІКІ

Мінуў ліпень; пачаўся жнівень. Дух гераізму і бязлітаснай жорсткасці ахапіў Францыю. Дзве здані толькі што мільганулі на яе гарызонце. Марат з кінжалам у баку і Шарлота Кордэ з адсечанай галавой. Падзеі прымалі грозны характар. Пацярпеўшы паражэнне ў вялікай стратэгічнай вайне, Вандэя перайшла пад ахову малой партызанскай вайны, яшчэ больш