Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/218

Гэта старонка была вычытаная

агні, і цемната паступова напаўнялася светлымі кропкамі, нібы зямля таксама надумалася ўбрацца ў зоркі, як неба. Але то былі зоркі вайны. З боку плато бівак цягнуўся да пачатку раўніны, а з процілеглага боку паглыбляўся ў гушчар лесу.

Замак Тург быў абложаны з усіх бакоў.

Велічыня плошчы, занятай лагерам, сведчыла, што войска было нямала.

Другі раз пратрубіла труба, і другі раз адгукнуўся ражок. Труба пыталася, а ражок адказваў. Вежа спытала ў ворага: «Ці можна з вамі гаварыць?» І вораг адказаў: «Так».

Вандэйскія мяцежнікі не прызнаваліся за ваеннага ворага, і дэкрэтам Канвента забаранялася мець зносіны з «разбойнікамі» праз парламенцёраў. Таму для перагавораў з ворагам даводзілася вышукваць іншыя спосабы, як, напрыклад, гэтая размова паміж сялянскай трубой і ваенным ражком. Першы сігнал быў толькі ўступам, каб прыцягнуць увагу ворага. Другі ставіў пытанне: «Ці хочаце выслухаць нас?» Каб на гэты другі заклік трубы ражок не адказаў, гэта азначала-б адмаўленне; але ён адгукнуўся. Гэта была згода, або, што тое самае, перамір'е на некалькі мінут.

Калі ражок зайграў другі раз, чалавек на вежы загаварыў. Вось што пачулі ўнізе:

— Эй, вы, там, унізе! Слухайце, што я вам скажу. Я — Гуж-ле, Бруан. Шмат вашага брата я знішчыў, за гэта і празвалі мяне Страхам сініх. І яшчэ мяне завуць Іманус, бо я і надалей буду знішчаць вас без ніякай літасці. Пры Гранвіле, у часе атакі, вы шабляй адсеклі мне палец у той міг, калі я цэліўся са стрэльбы; у Лавалі вы гільятынавалі майго бацьку, маю маці і маю сястру Жакліну, якой было толькі восемнаццаць год… Цяпер вы ведаеце, хто я.