Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/219

Гэта старонка была вычытаная

Я звяртаюся да вас ад імя мансен'ёра маркіза Говэна дэ-Лантэнака, віконта дэ-Фонтэнтэ, прынца брэтонскага, уладара Сямі Лясоў і майго гаспадара.

Ведайце, па-першае, што перад тым, як заперціся ў гэтай вежы, якую вы акружылі, мансен'ёр размеркаваў кіраванне ваеннымі дзеяннямі паміж шасцю начальнікамі, сваімі памочнікамі. Пасля ўзяцця гэтай цытадэлі вайна яшчэ не скончана для вас, і нават, калі мансен'ёр загіне ў бойцы, з яго смерцю не памрэ Вандэя пана бога і караля.

Усё гэта я кажу для папярэджання. Мансен'ёр маркіз тут, побач са мной: я перадаю яго словы… А цяпер, нападаючыя, слухайце далей.

Ведайце, што вайна, якую вы вядзеце супроць нас, вайна несправядлівая. Мы — мірны народ; мы жылі на сваёй зямлі і нікога не чапалі. Цяпер мы чэсна змагаемся за свае правы. Мы — людзі простыя, ва ўсім спадзяемся на бога: без бога мы ўсёроўна, што трава без расы. Рэспубліка першая напала на нас. Яна прышла да нас незапрошаная, уварвалася ў нашы сёлы, спаліла нашы дамы, нашы пасевы, разбурыла нашы фермы, і нашы жанкі і дзеці вымушаны былі бадзяцца басяком па лясах, калі яшчэ не пачыналі спяваць вясеннія птушкі.

Усе вы тут, усе, хто мяне чуе, вы нас цкавалі ў лесе, як дзікіх звяроў, а потым загналі ў гэтую вежу. Вы пазабівалі і паразганялі ўсіх, хто далучыўся да нас. У вас ёсць гарматы. Цяпер вас, абкружыўшых нас, чатыры тысячы пяцьсот чалавек, і вы нас атакуеце. А нас усяго дзевятнаццаць, і мы пастанавілі абараняцца. Харчы ў нас ёсць; ёсць і порах і патроны.

Вам удалося падвесці міну і ўзарваць частку сцяны ў нашай вежы. Вы можаце ўварвацца праз гэтую