Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

мест грузу, паставілі трыццаць каранад[1] вялікага калібра. Усе гэтыя трыццаць гармат — ці таму, што прадбачылася бура, ці проста для таго, каб надаць судну мірны характар, — былі прымацаваны на месцах трайнымі ланцугамі такім чынам, што жэрлы ўпіраліся ў шчыльна зачыненыя люкі. Пушачныя парты былі прыкрыты. Знадворку нічога не было відаць. Карвет быў нібы ў масцы. Каранады былі даўнейшай формы, з лафетамі не на суцэльных колах, а на бронзавых, са спіцамі. Звычайна на ваенных карветах гарматы стаяць на верхняй палубе. «Клэймор»-жа, прызначаны для нападу знянацку і для засад, меў няўзброеную палубу і быў пабудаваны з такім разлікам, каб змяшчаць пад верхняй палубай схаваную батарэю. «Клэймор» быў судном грунтоўным і на выгляд нязграбным; гэта не перашкаджала яму мець добры ход. Ва ўсім англійскім флоце не было судна з такім моцным корпусам, як у «Клэймора», а ў бойцы ён бадай не ўступаў фрэгату, хоць у яго і не было бізань-мачты. За яго руль, складанай, рэдкай формы, з арыгінальным выгінам на ніжнім канцы, было заплочана пяцьдзесят фунтаў стэрлінгаў на верфях Соутгемптона.

Каманда складалася выключна з французаў — эмігрантаў-афіцэраў і дэзертыраў-матросаў. Усё гэта быў адборны народ: усе да апошняга вопытныя маракі, бравыя салдаты і верныя раялісты[2]. Усе фанатычна былі адданыя карвету, шаблі і каралю.

Да каманды судна быў прыкамандыраваны поўбатальён марской пяхоты на выпадак, калі трэба будзе высадзіць дэсант.

Капітанам быў граф дзю-Буабертло, кавалер ордэна

  1. Каранада — старадаўняя артылерыйская гармата.
  2. Раялісты — прыхільнікі караля.