Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/221

Гэта старонка была вычытаная

падкаў дзеці загінуць. Цяпер вырашайце, ці прымаеце вы нашу прапанову ці адмаўляецеся. Калі прымаеце, мы зараз выйдзем. Калі адмаўляецеся, дзеці памруць… Я скончыў.

Чалавек, што гаварыў з вежы, змоўк. Яму адказаў знізу гучны голас:

— Мы адмаўляемся.

Голас быў суровы і рэзкі. Другі голас, менш суровы, але такі-ж цвёрды, дадаў:

— Мы даём вам дваццаць чатыры гадзіны на разважанне, але для здачы без жадных умоў.

Пасля некалькіх секунд маўчання той-жа голас дадаў:

— Заўтра ў гэтую-ж гадзіну, калі вы не здадзіцеся, мы пачынаем атаку.

— І тады ўжо не чакайце літасці, — скончыў першы голас.

У адказ на гэта пачуўся другі голас з вышыні вежы. Між двума яе зубцамі высунуўся высокі сілуэт чалавека, у якім пры святле зорак няцяжка было пазнаць фігуру маркіза дэ-Лантэнака. Перахіліўшыся наперад, нібы нешта выглядаючы ў цемры, ён крыкнуў:

— Гэта ты, поп?

— Так, гэта я, здраднік! — адказаў жорсткі голас знізу.

СТРАШНЫ, ЯК ЛЁС

Маркіз дэ-Лантэнак не памыліўся. Суровы, уладарны голас сапраўды належыў абату Сімурдэну. Другі-ж голас, больш малады і больш мяккі, быў голас Говэна.

Не прайшло і некалькіх тыдняў, як імя Сімурдэна прагрымела па ўсёй залітай крывёю краіне. Пра яго