Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/222

Гэта старонка была вычытаная

казалі: «Што ў Парыжы Марат, тое Сімурдэн у Вандэі». Сімурдэн наводзіў жах. Суровыя людзі — няшчасныя людзі: іх судзяць па ўчынках і асуджаюць, а каб заглянуць у іхнюю душу, то можа ўсе яны былі-б апраўданыя. Маркіз дэ-Лантэнак і абат Сімурдэн выклікалі аднолькавую нянавісць: праклёны раялістаў сыпаліся на Сімурдэна, праклёны рэспубліканцаў — на Лантэнака. У Гранавіле прыёр Марнскі ацэньваў галаву Лантэнака, а Шарэт у Нуармут'е назначаў узнагароду за галаву Сімурдэна.

Такім чынам, абложаны замак Тург атрымаў адтэрміноўку. Дзякуючы Говэну, было ўхвалена нешта накшталт перамір'я на дваццаць чатыры гадзіны.

Іманус быў добра інфармаваны: дзякуючы настойлівым патрабаванням Сімурдэна ад рэспублікачскай улады, Говэн меў цяпер чатыры тысячы пяцьсот чалавек, часткова салдат нацыянальнай гвардыі, часткова лінейных. З гэтымі сіламі ён і аблажыў замак Тург. У яго было дванаццаць гармат. Шэсць ён паставіў супроць вежы на ўскрайку лесу і шэсць — на плато супроць маста. Апрача таго, ён меў мажлівасць падвесці і ўзарваць міну і зрабіць такім чынам пралом у сцяне вежы.

На плато і на ўскрайку лесу — чатыры тысячы пяцьсот чалавек. У вежы — дзевятнаццаць чалавек.

Сімурдэну хацелася, каб Говэн, як камандуючы чатырохтысячным атрадам, гэта значыць бадай што цэлай арміяй, быў павышаны ў генералы, але Говэн адхіліў гэты гонар, сказаўшы: «Калі Лантэнак будзе ўзяты, тады паглядзім, а пакуль я яшчэ нічога не заслужыў».

У тыя часы камандаванне значнымі сіламі часта ўскладалася на афіцэраў невялікага чыну: гэта было ў характары Рэспублікі. Так, трохі пазней, Банапарт,