Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/223

Гэта старонка была вычытаная

просты артылерыйскі капітан, быў камандуючым італьянскай арміяй.

Дзіўны лёс выдаўся на долю замка Говэнаў: адзін Говэн на яго нападаў, другі яго абараняў. І тым, што за яго ваявалі між сабой два Говэны, тлумачыцца некаторая стрыманасць нападу, але не абароны, бо Лантэнак быў з тых людзей, якія нічога не шкадуюць; да таго-ж ён бадай усё сваё жыццё правёў у Версалі; ён мала ведаў замак Тург і адносіўся да яго абыякава. Ён схаваўся ў гэтым замку таму, што іншага прытулку не знайшлося бліжэй, — вось і ўсё. Але ён мог-бы разбурыць замак без ніякага жалю. Говэн ставіўся да старога замка з большай павагай.

Слабым месцам цытадэлі быў мост, але ў бібліятэцы на мосце захоўваліся сямейныя архівы. Каб пачалі атаку з боку маста, то пажар быў-бы нёмінучы, а спаліць сямейныя архівы азначала абразіць сваіх продкаў — так, прынамсі, здавалася Говэну. Тург быў родавым замкам Говэнаў. З ім былі звязаны ўсе сямейныя ўспаміны Говэнаў; ён сам тут нарадзіўся! І вось, зрабіўшыся дарослым чалавекам, ён вымушаны нападаць на гэтыя сцены, у якіх дзіцянём ён знаходзіў прытулак і абарону. Няўжо-ж ён сам зруйнуе гэты прытулак? Можа ў гэтым доме дзе-небудзь на гары яшчэ стаіць яго ўласная калыска, у якой ён спаў, калі быў дзіцём. Ёсць рэчы, пра якія нельга думаць без хвалявання.

Выгляд старога дома, дома яго прадзедаў, расчуліў Говэна. Вось чаму ён не хацеў чапаць маста і абмежаваўся тым, што паставіў супроць яго батарэю, каб не даць магчымасці ўцячы ці вылезці з гэтага боку. Для атакі-ж ён выбраў процілеглы бок і падвёў пад вежу міну.