Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/225

Гэта старонка была вычытаная

Ён строга выконваў загады начальства і даходзіў у сваёй стараннасці да таго, што не лічыў патрэбным уваходзіць у сэнс атрыманых загадаў. Яго сардэчныя імкненні стрымліваліся моцнай вуздой дысцыпліны. Як пужлівы конь у шорах, ён ішоў прама наперад, нічога не бачачы па баках, ішоў цвёрдым крокам, але па вузкім шляху.

Наогул гэта быў чалавек надзейны, строгі і дысцыплінаваны.

Як толькі ён прышоў, Говэн сказаў яму без усякіх прадмоў:

— Гешан, патрэбна лесніца.

— У нас няма лесніцы, камандзір.

— Трэба дастаць.

— Для штурму?

— Не, на выпадак пажару, каб ратаваць людзей.

Гешан падумаў і сказаў:

— Разумею. Значыцца, лесніца павінна быць вельмі высокай.

— Прынамсі на тры звычайныя паверхі. Можа нават вышэй, каб быць зусім упэўненым, што яна дастане… Скажыце, Гешан, як гэта здарылася, што ў нас няма лесніцы?

— Гэта не мая віна, камандзір. Вы палічылі нязручным весці атаку з боку плато; вы абмежаваліся блакадай з гэтага боку; атакаваць-жа вы пастанавілі вежу. Таму мы заняліся выключна падкопам і зусім не думалі пра штурм мастовага замка. Вось чаму і не паклапаціліся аб лесніцы.

— Ну, тады зараз-жа загадайце зрабіць яе.

— Лесніцу вышынёй у тры паверхі не зрабіць за адзін дзень.

— Вазьміце некалькі кароткіх лесніц і злучыце іх у адну.