Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/227

Гэта старонка была вычытаная

прыняў камандаванне войскам, якое было на плато. Было дагаворана, што ў той час, калі Говэн з Гешанам пачнуць атаку праз пралом, Сімурдэн, стоячы каля шасці зараджаных гармат сваёй батарэі, будзе сачыць за мастом і за ровам.

ШТО РОБІЦЬ МАРКІЗ

Пакуль вакол вежы ішла падрыхтоўка да нападу, у сярэдзіне рыхтаваліся да абароны.

Кожная вежа падобна да бочкі ў тым сэнсе, што яе можна іншы раз таксама прабіць мінай, як бочку праткнуць шылам. Гэта і здарылася з вежай Тург.

Моцны ўдар ад узрыву двух ці трох цэнтнераў пораху раскалоў яе тоўстую сцяну. Расколіна пачыналася з фундамента, праразала ўсю тоўшчу сцяны і заканчвалася бясформеным зводам у ніжнім паверсе. Каб зрабіць гэтую расколіну больш зручнай для штурму, знадворку пашырылі яе яшчэ гарматнымі ядрамі.

Ніжні паверх, прабіты выбухам, складаўся з вялікага круглага зала з тоўстым слупом пасярэдзіне, які падтрымліваў скляпенне. Гэты зал — самы вялікі пакой ва ўсёй вежы, не менш сарака футаў у дыяметры, — быў зусім пусты. У ім не было байніц, ні акон, ні адтулін і было столькі-ж святла і паветра, колькі ў магіле. У ім было двое дзвярэй: адны, з суцэльнага жалеза вялі ў падземную цямніцу, другія вялі на лесніцу, нагару.

У гэты зал з нізкай столлю і меркавалі пранікнуць нападаючыя праз прабітую імі дзіру. Але з заняццем ніжняга паверха атака далёка не канчалася: заставалася яшчэ ўзяць пяць верхніх паверхаў.

Перад дзевятнаццацю абложанымі паўстала цяпер