Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/228

Гэта старонка была вычытаная

пытанне: як абараняцца? Яны прымацавалі да сцяны факел і асвятлілі ніжні зал. Заткнуць шчыліну ў сцяне было няцяжка, але бескарысна. Значна лепш было зрабіць нешта накшталт барыкады, якая дала-б магчымасць накіраваць на нападаючых агонь. Матэрыялаў у іх было досыць, і яны пабудавалі моцную барыкаду, пакінуўшы ў ёй шчыліны, каб прасоўваць стрэльбы. Апрача таго, у пэўных месцах залажылі фугасы.

Лантэнак асабіста кіраваў усёй падрыхтоўкай: загадваў, распараджаўся, падбадзёрваў. Ён быў душой усіх работ, душой уладарнай і грознай.

Забарыкадавалі ніжнія два паверхі, закалацілі наглуха нішы, падперлі дзверы тоўстымі бярвеннямі, увагнаўшы іх у падлогу, і пакінулі вольным толькі праход па вінтавой лесніцы, якая злучала ўсе паверхі, бо зачыніць гэты праход для нападаючых азначала-б зачыніць і для сябе. Абарона ўмацаванняў заўсёды мае слабыя месцы.

Маркіз, спрытны і дужы, як юнак, працаваў разам з усімі: падымаў бярвенні, цягаў каменні, даючы ўсім прыклад нястомнай энергіі; жартаваў, як роўны з роўнымі, з гэтай лютай бандай дзікуноў, застаючыся ў той-жа час іхнім панам, гордым, уладарным і грозным. Нельга было і думаць не паслухацца яго. Ён абвясціў з самага пачатку: «Калі палова з вас не паслухае, я загадаю другой палове расстраляць непакорных да апошняга чалавека і буду абараняць замак з рэштаю людзей». Такія заявы прымушалі любіць правадыра.

ШТО РОБІЦЬ ІМАНУС

У той час як маркіз працаваў над умацаваннем пралому і вежы, Іманус быў заняты на мосце. З самага пачатку аблогі выратоўчую лесніцу, што вісела зна-