Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/229

Гэта старонка была вычытаная

дворку пад вокнамі другога паверха, па загаду маркіза знялі і перанеслі ў бібліятэку. Такая лесніца і патрэбна была Говэну.

Вокны ніжняга паверха, дзе змяшчалася кардэгардыя, былі абаронены трыма радамі жалезных прэнтаў, увагнаных у каменную сцяну, так што праз гэтыя вокны не было ніякай мажлівасці ні выйсці, ні ўвайсці. На вокнах бібліятэкі не было кратаў, але яны знаходзіліся надта высока над зямлёй.

Іманус узяў сабе ў памочнікі трох чалавек, такіх-жа, як ён сам, рашучых і здольных на ўсё. Гэта былі: Гуанар, па прозвішчу Залатая Галінка, і два браты. Пік-ан-Буа. У Гуанара рэспубліканцы забілі брата, і ён не ўступаў па лютасці Іманусу, ахоплены адным жаданнем адпомсціць.

Іманус пры святле патаемнага ліхтара адамкнуў жалезныя дзверы і старанна агледзеў усе тры паверхі мастовага замка. Пераканаўшыся, што верхні паверх дастаткова напханы саломай і сенам, ён перайшоў у ніжні. Ён загадаў прынесці некалькі гаршкоў з вугаллем, панастаўляў іх каля бочак з дзёгцем, расклаў па ўсёй падлозе вязкі з сухога верасу, агледзеў насычаны серкай кнот, адзін канец якога быў прапушчаны ў вежу пад жалезнымі дзвярыма, і, пераканаўшыся, што кнот у спраўнасці, апусціў другі яго канец у лужыну дзёгцю, якога наўмысля наліў пад бочкі і пад вязкі верасу. Потым ён загадаў асцярожна перанесці ў бібліятэку маленькія ложкі, у якіх спала трое дзяцей. Усе тры — Рэне-Жан, Гро-Алэн і Жоржэта — спалі такім глыбокім сном, што ніводзін з іх не прачнуўся.

Ложкі іх былі простыя вясковыя калыскі, гэта значыць плеценыя кашы з вельмі нізкімі сценкамі. Іх ставяць проста на падлогу, каб дзіця без нічыёй дапамогі магло сыходзіць з пасцелі. Каля кожнай калыскі