Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/230

Гэта старонка была вычытаная

паставілі па вялікай місцы з супам і палажылі па драўлянай лыжцы. Знятая з крукоў выратоўчая лесніца была прыстаўлена да сцяны, а тры ложкі размясцілі ўдоўж другой сцяны, супроць лесніцы. Затым Іманус, каб даць магчымасць ветру раздзьмуць агонь, уласнымі рукамі адчыніў насцеж усе шэсць вокнаў бібліятэкі, а двух братоў Пік-ан-Буа паслаў адчыніць вокны ў ніжнім і верхнім паверхах. Была ясная і цёплая летняя ноч.

Увесь усходні бок маста і ўвесь усходні фасад замка былі зверху данізу пакрыты старым, засохлым, пацямнелым плюшчам, які аблямаваў вокны ўсіх трох паверхаў. Іманус звярнуў увагу на гэты плюшч і падумаў: «Гэта спатрэбіцца», пасля чаго яшчэ раз уважліва агледзеў замак і мост, гукнуў сваіх памочнікаў, і ўсе чацвёра перайшлі ў вежу. Іманус зноў замкнуў на два павароты ключа тоўстыя важкія дзверы, яшчэ раз агледзеў цяжкі замок і з выразным задавальненнем зірнуў на сваю вынаходку — насычаны серкай і працягнуты пад жалезнымі дзвярмі шнур, які ад гэтай хвіліны служыў адзіным злучальным звяном паміж вежай і мастом. Іманус разлічыў, што ад той мінуты, як у вежы запаляць кнот, пройдзе каля чвэрці гадзіны, пакуль загарыцца дзёгаць пад бібліятэкай. Скончыўшы ўсю гэтую падрыхтоўку і вышаўшы з замка, ён занёс ключ маркізу, і той палажыў яго ў кішэню.

Трэба было сачыць за ўсімі рухамі нападаючых. Іманус, са сваёй пастушшай трубой за поясам, падняўся на вышку вежы і пачаў пільнаваць, пазіраючы то направа, у бок лесу, то налева, у бок плато. Побач з ім, у амбразуры акенца вышкі, ляжала парахоўніца, палатняны мяшок з кулямі і старыя газеты; каб не траціць часу, ён рабіў з іх патроны.