Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/231

Гэта старонка была вычытаная

Раніцою ўзышоўшае сонца асвятліла на ўскрайку лесу восем батальёнаў, узброеных ад галавы да ног, гатовых да бою салдат, на плато — батарэю з шасці гармат з поўнымі артылерыйскімі зараднымі скрынкамі, у вежы — дзевятнаццаць чалавек, якія зраджалі стрэльбы, мушкетоны і пісталеты, а ў бібліятэцы, у калысках, — трох спячых дзяцей.

ШТО РОБЯЦЬ ДЗЕЦІ

І

Першаю абудзілася дзяўчынка.

Жоржэта, малодшая з трох (ёй споўнілася год і восем месяцаў), прыўзняла з падушкі галоўку, уселася ў пасцелі, паглядзела на свае ножкі і пачала балбатаць. Сонечны прамень гуляў у яе калысцы, і цяжка было сказаць, што больш ружовае — ці прамень узыходзячага сонца, ці ножкі Жоржэты.

Астатнія два яшчэ спалі: мужчыны любяць паспаць. А Жоржэта, вясёлая і спакойная, балбатала ды балбатала.

У Рэне-Жана валасы былі цёмныя, у Гро-Алэна — каштанавыя, у Жоржэты — светларусыя. У дзяцей з гадамі валасы часта цямнеюць. Рэне-Жан спаў на жываце, уткнуўшыся тварам у свае кулачкі. У Гро-Алэна ногі звесіліся за край каша.

Усе тры былі ў лахманах. Сукенкі, што атрымалі яны ў падарунак ад батальёна «Чырвонай Шапкі», даўно знасіліся. Тое рыззё, у якое яны былі адзетыя, нельга было назваць нават сарочкамі. Абодва хлопчыкі былі амаль голыя, а на Жоржэце матлялася анучка, якая калісьці была спадніцай, а цяпер ператварылася ў бахраму. Ды і каму было клапаціцца аб гэтых дзецях? У іх не было маткі. Дзікуны-сяляне, што