Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/232

Гэта старонка была вычытаная

цягалі іх за сабой па лясах і палях, пераходзячы ад бойкі да бойкі, вылучалі ім ежу ад сваіх порцый, — вось і ўвесь клопат. Рэбяты спраўляліся, як умелі. Кожны мог імі распараджацца, і ніхто не быў для іх бацькам. Яны хадзілі ў лахманах, але на дзіцяці і лахманы ззяюць. Дзеці былі прывабныя.

У тым, што лапатала Жоржэта, відаць, не было нічога сумнага, бо ўвесь яе мілы тварык свяціўся ўсмешкай. Усміхаўся яе раток, усміхаліся вочкі, усміхаліся ямкі на шчочках.

Зачынаўся цудоўны летні дзень. Неба было блакітнае, у паветры было цёпла.

Следам за Жоржэтай прачнуўся старэйшы, Рэне-Жан, чатырохгадовы, «вялікі чалавек». Ён усхапіўся на ногі, храбра пераступіў праз край каша, убачыў міску з супам, узяў яе, як належыць, усеўся на падлогу і пачаў есці.

Шчабятанне Жоржэты не разбудзіла Гро-Алэна, але, як толькі драўляная лыжка Рэне-Жана застукала аб міску, ён адразу павярнуўся на бок і расплюшчыў вочы. Гро-Алэну было тры гады. Убачыўшы свой суп, ён, не вылазячы з каша, працягнуў руку, узяў міску, паставіў яе сабе на калені і, заціснуўшы ў кулачок лыжку, таксама ўзяўся есці.

Жоржэта нічога не заўважала.

З'еўшы свой суп, Рэне-Жан выскраб лыжкай дно міскі, уздыхнуў і сказаў з салідным выглядам:

— З'еў увесь суп.

Гэта парушыла задумлівасць Жоржэты.

— Супуп, — паўтарыла яна і, убачыўшы, што Рэне-Жан ужо скончыў снеданне, а Гро-Алэн снедае, таксама ўзяла свой суп і пачала есці, куды часцей падносячы лыжку да вуха, як да рота.

Часамі яна пачынала есці пальцамі.